Зразумець, што ты — народ,
I ад радасці ўзвінуцца,
На любы яго зварот,
Як на імя адгукнуцца.
Са сваёй Радзімай ты —
Назаўжды адно і тое ж;
I маленькай свалаты
Ад яе ты не прытоіш.
Зразумець, што ты — народ,
Які ў свеце часта хваляць.
Жыць за племя, жыць за род,
Што схавалі часу хвалі.
Памагчы араць і жаць
Нетаропкаму ратаю.
Яго ніву паважаць,
Бо яна ў яго — святая.
Нібы маці, берагчы
Працаўніцу нашу — мову,
Бо яна — жыцця зачын
I пачатак песні новай.
За народ ісці на бой,
Помніць, правячыся боем,
Што стагоддзі за табой
I стагоддзі — прад табою.
Твае раны ўсім баляць.
Нас ратуюць, як ад смагі,
I савецкая зямля,
I кастрычніцкія сцягі.
Зразумееш, ты — народ,
Крык, як радасць, не стрымаеш
I падыме, нібы ўзлёт:
Я народ свой, людзі, маю!