Зорны час Беларусі

Сярэдняя: 3.4 (5 галасоў)

У век бясконцага прытворства,
I крывадушша, і хлусні,
Мая зямля, ты светлы востраў,
Які ў маленстве толькі сніш.

У век крыві, пакут і гора,
Пагроз і атамных ракет
Ты ўзнагарода і апора,
Мой сацыялістычны свет.

I сёння ў еднасці адзінай
Паміж сясцёр, паміж братоў
Ты, Беларусь, мая радзіма,
Краса, і гордасць, і любоў.

Усе жылі пад перунамі,
Ды найгарчэйшы лёс быў твой,
I ўсе бляднеюць параўнанні
Перад нязломнасцю тваёй.

Жывём з братамі ў дружбе добрай,
У працы, як у дні атак.
На землі іншыя падобна
I непадобная, аднак:

Сваім Наддзніннем, і Палессем,
I Белавежаю старой;
Сваёй «Лявоніхаю»-песняй,
Што ходзіць над усёй зямлёй;

Сваёй усмешлівай гаворкай
I памяццю сіроцкіх слёз;
Нязгаснаю Хатынню горкай,
Журбою ціхай трох бяроз.

I Брэсцкай крэпасцю, і Мінскам...
Ну а калі сказаць прасцей —
Гарачай бульбай, поўнай міскай
Мачанкі для сваіх гасцей...

Зямля сардэчная, зялёная,
З-пад партызанскага крыла
Ты Клімука і Кавалёнка
Да зорнай славы узняла.

Самаўлюбёна не хвалюся,
Што любім мы, што любяць нас,
Але для роднай Беларусі
Прыйшоў высокі, зорны час.