Жыве між нас геній

Сярэдняя: 3.8 (5 галасоў)
З глыбінь жыватворчых народнага духа
       Прыйшоў ён світаннем да нас,
Ён праўду і мудрасць народа падслухаў,
       Каб споўніць народа наказ.

Ён зрокам прарочым угледзеў разлогі,
       Што людзям нябачны былі,
Ён, Ленін, азначыў, акрэсліў дарогі
       У новую праўду зямлі.

На гонях раскутых, на нівах калгасных
       Ляжыць яго праўды пячаць,
I мудрыя словы так проста і ясна,
       Як вечныя песні, гучаць.

Гучаць яны ў шуме, дзе плынь маладая
       Разгортвае сілы ўглыб, шыр.
У песнях і думах бязмежнага края,
       Як сонца, жыве правадыр.

Жыве ён у гомане-гудзе заводаў,
       У ясных крамлёўскіх агнях,
У нашым яднанні, у дружбе народаў
       I ў партыі зоркіх вачах.

Жыве ён з Чырвонаю Арміяй нашай
       I дзеліць паходы яе,
I сэрцу героя, і волі бясстрашных
       Імя яго сілу дае.

Між нас жыве Ленін, як сонца, як зоры,
       Як мудрасць вялікай зямлі,
I сее праменні, агні непакоры,
       Каб людзі шчасліва жылі.