За Ільічом

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Упарта, цвёрда і натхнёна,
Гартуючыся на хаду,
Ідзе нястомная калона —
I рады я, што ў ёй іду.

Яна мільённая.
Нас многа.
Яе дэвіз — жыццё, святло.
Даўно пайшла яна ў дарогу,
Калі мяне і не было.

Яна, што крыллі для народа,
Яна — ягоны розум, кроў...
Як быццам з ёю я заўсёды
З пачатку самага ішоў.

Згаралі ў ёй,
Не паміралі,
I знішчыць не магла турма,
Хоць шмат каго, што пачыналі
Цяпер, на жаль, ужо няма.

Ды мы, адданых іх, да скону
Заўсёды будзем ўспамінаць —
Іх незабыўныя імёны
На небе зоркамі гараць...

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

I мы кагортаю з’яднанай
Ідзём няспынна дзень за днём
Ўслед за постаццю тытана,
Услед за нашым Ільічом.

Нас збіць імкнуліся з дарогі,
Віхуры лютыя гулі,
Ды хоць крывянілі мы ногі —
Сваёй трымаліся зямлі.

Зару Кастрычніка сустрэўшы,
Паход вышэй узняўся наш —
«Аўроры» залп акордам першым
Пачаў наш несканчоны марш.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

I сэрцу радасна сягоння
За родны наш, савецкі дом,
Ідзе магутная калона —
Услед ідзе за Ільічом.

Мы ў даль без сполаху глядзелі,
Ніколі не гублялі шлях.
Бывала, што рады радзелі,
Вядома, так, як у баях.

Ды мы, як партыі салдаты,
Не станавіліся слабей,
Плячо к плячу і брат да брата
Яшчэ змыкаліся шчыльней.

Змагаліся. Перамагалі
Усе нягоды мы і жах
I зноў нязменна вырасталі,
Яшчэ вышэй узняўшы сцяг.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Нас не падужаць, не прыпыняць,
Бо ў нас расце сям’я братоў —
I мы ідзём ў адзінай плыні
З усіх, як ёсць, мацерыкоў.

З усіх краёў, з шыротаў розных,
У грудзях з вераю — агнём —
Упэўнена і пераможна
Мы ўслед ідзём за Ільічом.