Яна (урывак)

Яшчэ не ацэнена

Бура...
Мінулая бура!
Разбурыла
Свет векавы-паднявольны.
I на ўлонні
Жыцця маладога
Дарога
Вякамі прыкутай жанчыне
Адчынена.

Шлях-дарогу вызвалення
У грудзях з бунтарскай плынню
Толькі ён, бяссмертны Ленін,
Адчыніў тады жанчыне.
Не забудуцца ніколі
Дні сярдзітай завірухі,
Як прыгон і падняволле
Руйнаваў паўстанскі дух.
Плямы паншчыны мінулай
Затапіла чырвань рані,
А старое патанула
У жыцця бурным акіяне.
I на хвалях вольнай плыні,
На грудзях вір-вызвалення,
Бура вынесла жанчыну, —
Зніклі чары задумлення.

Яна сёння нястрымана-вольная,
Апавіта чырвонаю жычкай.
Аб мінулых часах паднявольных,
Аб прыгнечанні ёй не кажы.
Бо на чоўне сусветнага Леніна
Яна ў прыстань камуны бунтарыць,
Калі сэрца свабодай успенена,
А ў грудзях рэвалюцыі жар.
Ой, даволі пакуты, даволі!
Дні прыгону ў нябыт уплылі.
Яе кліча жыццё на прыволле,
Дзе свабодай калосяць палі.
Яе сёння шырокае поле
Грамадзянскаю працаю кліча.
Ой, даволі пакуты, даволі, —
Калі ў сэрцы бяссмертны Ільіч!

Сельсавет... Камітэт дапамогі...
Сходы... Яслі... I раць КПБ.
Ой, дарогу жанчыне, дарогу,
Калі ў сэрцы кіпучы імпэт!
Калі грудзі ўздымаюцца пенай,
У іх звоніць свабоды уздым.
Прынясём, прынясём вызваленне
Мы прыгнечаным сёстрам сваім.
Глянь туды, дзе машыны спяваюць.
Дзе палае у горане сталь,
Дзе рабочыя песні складаюць
Пад сталёвы напеў малатка.
I, абняўшысь з рабочай жанчынай,
Што на цёмныя гоні глядзіць,
Смелым крокам наперад — ў краіну,
У краіну камуны ідзі...