Выпраўляла маці сына

Сярэдняя: 3.9 (7 галасоў)
Выпраўляла маці сына
      З калгаснае хаты
Не на службу у чужыну,
      Не к дзяўчыне ў сваты.

Выпраўляла і казала:
       «Мой сыночак мілы,
Ужо маеш ты нямала
      Розуму і сілы.

Пойдзеш ты у свет і людзі
      Хадою адважнай,
Прад табою слацца будзе
      Край наш неабсяжны.

Не зазнаеш крутых сцежак
      Сыты і адзеты, —
Вартаваць ты будзеш межы
      Краіны Саветаў.

Не зазнаеш тамка гора,
      Будуць паважаці,
Даглядаць цябе не горай,
      Як родная маці.

Не ў салдатах быць пад царам,
      Пад кнутом жандарскім, —
Служыць будзеш ты Саветам,
      Справе пралетарскай».

Выпраўляла маці сына
      З калгасных загонаў,
Каб служыў той верна, ўчынна
      Арміі Чырвонай.