Вялікі дзень

Сярэдняя: 4.1 (12 галасоў)

Ёсць многа дзён, што шчасце дораць,
Ды больш усіх той дзень люблю,
Калі магутны залп «Аўроры»
Ускалыхнуў усю зямлю.

I вось яна — пад ветрам свежым
Бадзёрым голасам пяе,
Параскідаўшы краты-межы,
Інакшы выгляд у яе.

Увесь узросшы гарадамі,
Плацінамі гады стаяць,
Цёмна-зялёнымі садамі
Па-над палеткамі шумяць.

I густы іншыя сягоння,
I ўдумней людзі мнагакрат —
Стаў касмашлем важней кароны,
Карон жа па музеях шмат.

Жывем не толькі дзённым хлебам,
Імкнёмся і да зор другіх,
Аднак для нас, высока ў небе,
Чырвоная ярчэй усіх.

Прайшла амаль палова века,
I шмат дзе знік прыгнёт і здзек.
А гляньце вы на чалавека —
Якім стаў дужым чалавек!