Восеньскае

Яшчэ не ацэнена
                           1

Зачынае гоман вецер непакорны
         На суровы лад.
Халадзеюць ночы. Шлях ярчэе зорны.
         Дні ідуць на спад.
Згорбленая восень пад руку з вятрамі
         Клыгае ў імжы
I гірлянд  пажоўклых  на   калгаснай   браме
         Гойдае брыжы.
Кончылася лета. Адзвінелі песні,
         Громы навальніц...
Шкадаваў я колісь у сваім прадвесні
         Чуткіх зараніц;
Смуткаваў па леце, як па той каханай,
         Што ўзяла спакой,
I ў цішы самотнай з дум усхваляваных
         Я вянкі віў ёй.
Многа з таго часу дзён сплыло суровых,
         Многа лет прайшло,
I на свет гляджу я сёння з вышак новых
         Праз другое шкло.
Бачу і пытаю іншыя скрыжалі —
         Credo нашых дзён:
Вольныя пуціны, сонечныя далі,
         Без канца разгон.
I я ў захапленні, радасны і горды
         За свой край, народ.
Убіраю ў сэрца дзіўныя акорды,
         Творчай сілы ўзлёт...
Вось чаму я сёння не тужу па леце,
         Па сваёй вясне
I па тым, што колісь навяваў мне вецер
         У юнацкім сне.

                           2

            ЗЯМЛЯ САВЕЦКАЯ

Многа было сварак, боек, калатэчы
         За цябе, зямелька,
         Родная ты наша!
Пільнавалі межаў, хаты свае, печы,
         Вузенькіх палосак
         I гібелай пашы.

Не жылі — марнелі на ваччу з павязкай:
         Свет быў нам зачынен,
         Не было разгону.
Сёння гэта ліха — злыбедная казка,
         Дзікі сон-навала,
         Вынікшы з прыгону.

Выйдзіце на поле ды зірніце, братцы:
         Не акінеш вокам
         Польнага разлога!
Гоні — край-прыволле, ёсць на чым разняцца...
         Легла ты шырока,
         Сельская дарога!

Пазнікалі межы — нудныя адзнакі
         Цёмнага бязволля,
         Жуткага бязвыйсця, —
Шыр і безбярэжжа, дзе вятры-гулякі
         Ходзяць санавіта,
         Як сваты калісьці.

Гэтакіх прастораў і паны не мелі
         I не будуць мець іх,
         Трутні, абармоты:
Вырвалі мы з корнем тое пустазелле,
         Што смактала сокі
         З чорнае галоты.

Час не так вялікі, а якія змены!
         I зямля не тая,
         I не тыя людзі.
Сходзіць быль-пачвара, як ад сонца — цені,
         У рабоце дбалай,
         У няспынным гудзе.

Глянеш — не пазнаеш сёння ты краіны:
         На балотах-багнах
         Выраслі пасёлкі,
Засвяцілі ў цемры замест той лучыны
         Ільічовы лямпы
         Ветла, як вясёлкі.

Праляглі утульна праз лясы, праз нетры
         Ільняным абрусам
         Роўныя дарогі.
Едзеш — сэрцу ўцеха, лічыш кіламетры, —
         А іх гэтак многа,
         А яны так строгі!

А надыдзе жніва — высыплюць брыгады,
         Загрукоча трактар,
         агудуць машыны.
Ці ж калі мы снілі аб такіх парадах,
         Аб рабоце дружнай
         Гуртавой сябрыны?

Не цягае маці за сабой калыску
         На кастлявай спіне
         Ў жніўны час гарачы,
Не пачуць у полі здушанага піску:
         Нашы дзеці ў яслях,
         У садах дзіцячых.

I аб нашых дзецях сёння мы не тужым:
         Свет ім разгароджан,
         Ім дарогі гладкі,
Каб расці і выйсці пакаленнем дужым,
         Новым пакаленнем
         Бальшавіцкай складкі.

Нашы дзеці сёння — самі камандзіры,
         Лётчыкі-героі,
         Докі-інжынеры.
То ж яны схадзілі дзікія Паміры
         I ў паўночны полюс
         Прабіваюць дзверы!

Хто штурмуе неба ды ідзе ў дазоры,
         Дзе ніхто ніколі
         Не хадзіў у свеце?
Хто спыняе рэкі і злучае моры?
         Гэта нашы людзі,
         Гэта нашы дзеці!

Гэтакіх герояў, ды такіх адданых,
         Партыя ўзрасціла,
         Адарыла доляй.
Сходзяць з зямель нашых мутныя туманы,
         Сонечных прагалін
         Што ні дзень, то болей.

Вось чаму я сёння, на ушчэрбе лета,
         Не тужу па леце,
         Як тужыў калісьці,
Бо ж і песня-радасць намі не прапета,
         Бо ж вясна гучыць мне
         I ў пажоўклым лісці.