Валрэўкомаўскі кур'ер

Яшчэ не ацэнена

Многа што сышло ў былое,
Незабыўна і цяпер,
Як жывы, перада мною
Валрэўкомаўскі кур'ер.

Сарамлівы, не прамоўца,
I на выгляд не герой,
У пацёртае ватоўцы,
З карабінам за спіной.

А ватоўка пры рабоце
I як схоўнік і пасцель...
Валрэўкомаўскае пошце
Не патрэбны быў партфель.

На кані сваім, як ветрам, —
Праз палі, лясы скакаў,
Ён загады ў сельсаветы
Побліз сэрца ўсе трымаў.

Не было машынак. Мала
Дзе іх собіла спаткаць,
Як магла загад пісала
Камісарава рука.

Часу наш кур'ер не траціў,
Ён вадзіў няспынны рэй.
Перад ім была задача
Ўсё даставіць як хутчэй.

Да загадаў быў уважны,
Хай што познія часы,
Ён праз ноч скакаў адважна
Цераз пушчы і лясы.

А не дзіва ў тых мясцінах
I бандытаў напаткаць —
Выпадалася хлапчыне
Карабін з пляча здымаць.

Ды заўсёды адбіваўся
I ў сяло шпарчэй, наўскач...
Да сялян ён заяўляўся
Як дарадчык і тлумач.

Хтось пытае, хтосьці крые
На чым свет стаіць, зямля:
— Камуністы хто такія?
— А такія вось, як я!

— О брат, добра балабоніш,
Вельмі соладка пяеш!..
— Так жывём пакуль сягоння,
А, напэўна, будзе лепш!

Гаварылі з пылам, з жарам
I між тых суровых дзён
Думалі: за камісарам
Найважнейшы — гэта ён!

Растлумачыць і разважыць,
Што ні зробіць, па плячу,
А па шчырасці, як кажуць,
I цяпер я так лічу.

Ў маёй памяці нястомна
Ён любы бярэ бар'ер —
Скача ўдзень і ноччу цёмнай
Валрэўкомаўскі кур'ер.