Удзячны лёсу

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)
Я ўдзячны лёсу,
                            што з усіх краёў
Ён выбраў для мяне навекі гэты,
Дзе бальшакі прастуюць між гаёў,
А па сцяжынах коцяцца ранеты,
Дзе Нарач мые сінія шаўкі
I п'юць з Дняпра паўдзённыя вясёлкі,
Дзе з салаўямі дражняцца шпакі
I жыту голас дораць перапёлкі.
Я ўдзячны лёсу,
                            што ў сябры мне даў
Далёкія і блізкія дарогі
Да прыамурскіх сосен і застаў
I да вяршынь Паміра крутарогіх,
Да кіеўскіх пявучых вечароў
I прыбалтыйскіх гаркаватых ветраў,
Да звонкіх чар малдаўскіх ганчароў
I велічнай маўклівасці Ай-Петры.
Я ўдзячны лёсу,
                            што ва ўсе часы
Мая блакітнавокая радзіма
He засланіла мне чужой красы,
Мяне ад свету не адгарадзіла,
Што не магла, не ўмела быць другой,
Жыла ў братэрстве і сяброў цаніла
I што ў краіне нашай дарагой
Яе завуць усе сястрою мілай...