У вёсцы непрыкметнай дзве заставы...

Сярэдняя: 3 (1 голас)
У вёсцы непрыкметнай дзве заставы:
Адна з баёў былых вядома ўсім,
I па-суседску з ёю школа стала
Заставаю
                  ў сасонніку густым.

На ёй
Свае байцы і камандзіры,
Хоць зброя ў іх — пяро і карандаш;
Умеюць прачытаць слядоў пункціры,
Умеюць распазнаць, дзе след — не наш.

З маленства ведаюць мяжу дзяржавы,
З маленства — пагранічнікі усе;
Даюць сябрам сваім урок цікавы
Сяржанты на кантрольнай паласе.

Сюды бягуць алені ад пагоні,
Сляды казуль сплятаюцца гусцей.
У вартавых зялёныя пагоны,
I палымнеюць гальштукі ў дзяцей.

Рабяты ў госці ходзяць да маёра,
Вітаюцца з бацькамі кожны дзень
I бачаць, як ля самага дазора
Скубе свой мох даверлівы алень.
Іншыя вершы аўтара