Сыны

Сярэдняя: 2.6 (5 галасоў)
Сыноў бацька сваіх кліча
На параду ў хату,
А ўрачыста, як бы кліча
На якое свята.

I з павагаю пытае
Кожнага ў асобку,
Кім з іх кожны быці хоча,
Якім жыць заробкам.

                     *

— Бо, сыны мае, — так кажа, —
Жывіцё ў краіне,
Чалавечая дзе праца
Намарна не гіне.

I сыны адказ трымалі
Перад бацькам родным,
А стараўся з іх быць кожны
Свайго бацкі годным.

                     *

Першы кажа: — Землі буду
Трактарам варочаць,
Каб рунелі, зелянелі,
Аж яснелі вочы.

Каб раслі ў рост чалавека
Жыта і пшаніца,
Каб аж госці к нам з-за свету
Ехалі дзівіцца.

                     *

Другі кажа: — На заводзе
Быць хачу даўно я,
Дзе чыгун ракою льецца,
Дзе звініць сталь звонам.

Будаваць буду дзень цэлы
Домны і мартэны,
Медзь і вугаль браць у дзела
Ад шахтаў падземных.

                     *

—   Плаваць я пайду на мора, —
Сказаў гэтак трэці, —
Дзе «Чэлюскін» горда плаваў,
Дзе пурга, дзе вецер.

Ад халодных да гарачых
Мораў рэйс мой будзе.
Параход мой будзе грозна
Рэзаць хваляў грудзі.

                     *

Сын чацвёрты: — Хочу лётаць
Птушкаю крылатай,
Мераць неба ў самалёце
Над тваёю хатай.

Арлянём сябе ў сне бачу,
Не знаю спакою...
Хочу быць я, мой ты бацька,
Лётчыкам-героем.

                     *

—   Байцом буду я чырвоным, —
Пяты кажа гэтак, —
Сцерагчы граніцы-межы
Краіны Саветаў,

Каб наш вораг пры нападзе
Сустрэнуў магілу.
Байцом буду, каб з мяне быў
Рад сам Варашылаў.

                     *

А сын шосты: — Складаць песні
Буду, колькі змогі,
Пра вялікія падзеі...

Як працуем, як знішчаем
Здрадныя напасці,
Як будуем, як ствараем
Казачнае шчасце.

                     *

Так сыны адказ трымалі
З гонарам юначым,
Свае выказаці думкі
Не ўмелі іначай.

Бальшавік быў іхні бацька,
Пралетарый родам,
Зведаў сушы, зведаў моры,
Бітвы і паходы.