Свайму народу

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

На прастор, на шырокі разлог
Выхадзі, мой народ, грамадою,
Сотні новых і ясных дарог
Рассцілае жыццё прад табою!

Новай доляй ўзыходзіць зара,
Будзеш жыць ты без панскай апекі:
Адышла, адцвіла іх пара,
I панам не вярнуцца вавекі.

Паглядзі, як прасторна наўкруг,
Як прыціхлі палацы, касцёлы!
Тваё ўсё: гэта поле і луг,
У палацах будуй сабе школы.

Ідзі ж смела і ясна ўпярод
Разам з намі дарогай адзінай:
Да вышыняў вядзе свой народ
Наша партыя простай пуцінай.

На прастор, на шырокі разлог
Выхадзі, мой народ, грамадою,—
Многа новых, шчаслівых дарог
Рассцілае жыццё прад табою!