Смела, таварышы, ў ногу!

Яшчэ не ацэнена

Мы ў Веймары добра гасцілі,
Прыехаўшы Гётэ ўслаўляць, —
Рабочыя нас запрасілі
У госці да іх завітаць.

Пабачыць завод іх адменны
I тое, як стала ім жыць,
Завод той ля знанай Іены,
Дзе Маркс навучаўся, стаіць.

I вось мы, устаўшы світанкам,
Назаўтра ў дарозе былі.
Прыехаўшы ў госці шчэ ранкам,
Праз цэхі усе абышлі.

Усюды за выплаўкай сталі
Працоўны мы бачылі люд.
Там сталь, як раней, выплаўлялі,
Ды быў ёй інакшы маршрут.

Жыццёвы маршрут, чалавечы,
Далёкі ад гора і слёз.
I голуб над зыркаю печчу
Галінку лаўровую нёс.

На сэрцы вясёла і люба,
Што ў свеце паменшала зла.
Гудок. Нас пазвалі да клуба.
I хутка ўся змена прыйшла.

Ўсё моладзь. Ўсё члены Саюза —
Германіі новай сыны.
I хвалямі сінія блузы
Плылі ад сцяны да сцяны.

Была наша гутарка шчырай,
Яны выступалі і мы —
Мы так гаварылі аб міры,
Як сонца страчалі з зімы.

Ды мы не чакалі такога, —
Ўвесь сход усхапіўся і ўстаў,
Ён «Смела, таварышы, ў ногу!»
На мове нямецкай спяваў.

I песня ў нястрымным разгоне,
Як мора, гудзела кругом,
Пасля загрымелі далоні,
Бы ў горах Цюрынгіі гром.

I кожны, як блізкі нам здаўна,
Да пас развітацца ішоў
I моцна руку паціскаў нам,
Жадаючы стрэчы ізноў.

Прасілі нас перад дарогай:
— Што можаце нам пажадаць?
— Смела, таварышы, ў ногу! —
Адно мы маглі адказаць.