Шэрыя і Белыя

Яшчэ не ацэнена

Разгледзеўшы, што шэры Воўк — прахвост,
Яго з правіцеляў прагналі,
На гэты ж пост
Ваўчугу белага абралі.
Але прайшлі гады, а змен не бачна нешта.
Ваўкі, як і раней, ірвуць Ласёў,
Ліса знішчае Рабчыкаў да рэшты,
У рэчцы Выдра ловіць Карасёў,
Як і раней, так і цяпер
Пануе крыважэрны звер.
Палёгкі ні на грам. Узняўся роў наўкола,
Глядзіш, у бойку кінецца жывёла.
А справа гэткая для воўчай зграі дрэнь.
I вось, каб абдурыць яшчэ раз масы,
Прыхільнікі крыві і мяса
Зноў выбары ў адзін звычайны дзень
У лесе арганізавалі.
I так выдатна справу правялі,
Што... зноў Ваўчугу шэрага абралі,
Бо ўжытыя ўсе захады былі,
Ад абяцанкаў да нахрапу.
Казалі, нават Леў прыклаў да справы лапу,
I справы па-ранейшаму пайшлі.
«Цікава, а каго ў наступны раз
Ваўчугі абяруць для нас?» —
Спытаў Алень міралюбівы.
«Вядома, белага Ваўка. Але не дзіва, —
Заўважыў Конь,— калі праз хуткі час.
Зусім другія пойдуць справы.
Не доўга ўжо чакаць аблавы...»

Дзе так было? — я адраса не дам.
Скажу адно, што гэту тэму
Дала мне двухпартыйная сістэма
А адрас кожны адшукае сам.