Родны склон

Сярэдняя: 5 (1 голас)
— Хто, што? —
                            назоўны склон спытаў.
Сур'ёзна, а не жартам.
— На прысаку вайны я ўстаў
Сцяблінаю упартай.

— Каму, чаму?
— На ўзлёце дня
Радзіме даў прысягу,
Бо сэрца — вечная радня
Кастрычніцкаму сцягу.

— Каго і што?
— Яго партрэт
Яшчэ з калыскі помню.
Усмешкай Ільіча сагрэт,
Як самым шчырым промнем.

— Кім, чым?
— Людзьмі сваёй зямлі
Заўсёды ганаруся,
Што аж да зорак узнялі
Адвагу Беларусі.
 
— Аб кім, аб чым?
— Відаць, найперш
Я думаю пра маці.
Нясе
Удзячнасць сціплы верш
Ёй і вясковай хаце.
А гэты склон я нездарма
Пакінуў напаследак...
Пакут страшней,
                             мой край,
                                              няма,
Чым тыя,
Што ты зведаў...

Прад зоркай ля бяроз сівых
Схіляюся ў паклоне...
Быць памяці маёй пра іх
Да скону
                ў родным склоне!