Расстрэл імперыі

Сярэдняя: 3 (6 галасоў)

Па-над Свярдлоўскам маладым
густая прозалаць аблок —
індустрыі гарачы дым
лясное неба завалок.

Праспектам не відаць канца —
так расступіліся бары.
Згадай, Урал, палац купца,
Іпацьеўскі палац стары.

Даўно пабляк яго фасад,
аброс глухой травой карніз.
На цэлы век ступі назад
па сходцах грукаткіх — уніз!

Насустрач дыхае падвал
стагодняй цвіллю і слатой.
Чытай у цемрадзі, Урал,
сляды гісторыі сваёй!

А ці паверыш ты цяпер,
што міма,
пад мяцеліц свіст,
ішоў,
наставіўшы каўнер,
па тракту ссыльны дзекабрыст.

А тут, за павучыннем рам,
карпеў гранільшчык дзень пры дні,
рубін шліфуючы царам
для іх замежнае радні.

Царом загнаныя ў акоп,
далёка ад сваёй зямлі,
і сталявар і земляроб
імперыю,
як смерць,
клялі.

Ды ўзняўшы над Нявой сцягі,
свабода абвясціла мір.
Этапам Мікалай Другі
падаўся
ціха
у Сібір.

Не на святочны карнавал,
а чорным ходам, са двара,
прымаў палац, нібы цэнтрал,
арыштаванага цара.

Ён хітра гладзіў бараду і слухаў,
гледзячы на ўсход, дзе пераходзілі
Таўду атрады гайдаўскія ўброд:
трубілі бронецягнікі,
таптала конніца палі;
белапагоннікаў палкі
пратэсы з чэрапам няслі.

Спакойна ўсё рашыў як след
у бессані начы
Савет.

Ісецкі сталявар чытаў
цару народа прыгавор.
Патроны ў цішыні дагнаў
разгневана тугі затвор...

На скразняках тваіх, зямля,
гарэла полымна зара.
Нам давялося расстраляць
не толькі рускага цара, —

над мушкай бачыў сталявар,
над мушкай бачыў земляроб
усіх паноў вынежны твар,
усіх старых імперый лоб.