Ходзіць вецер па даліне, Ходзіць, павявае Ды пра радасць мне, дзяўчыне, Песні напявае. Разаслаліся шырока Ветлыя дарогі, Я ступаю смелым крокам Без тугі, трывогі. Выйду, гляну я на поле, Гляну — усміхнуся: — Дзе ж такое ёсць раздолле Для цябе, Гануся? Зняты межы — знак варожы, Гмахі — задзівіцца! Ой ты, поле! Як прыгожа Ты ў калгаснай світцы! Дзе ліхое беззямелле — Гора бацькі, дзеда? Разам з панскім пустазеллем Знішчана без следу. Скасавалі вашу ролю, Вузкія загоны: Не прытуліце вы болей Слёз, нуды, праклёну. Носіць поле гоман новы — Жыта жнуць жняяркі, Рэжа скібы вол сталёвы Бальшавіцкай маркі. I гамоняць нашы нівы Буйным ураджаем. Ходзіць ён, дружок зычлівы, Па Савецкім краі! Хай лепш ворагі-зладзюгі Не ўчыняюць ліха, здрады, — Не, не вернуць іх патугі Праклятага ладу! * * * Ходзіць вецер далінаю, Ходзіць каля гаю. I я вольнай пуцінаю Іду, дзе жадаю. Расчынілі мне гасцінна Ясныя дарогі — Ідзі ўперад несупынна: Зняты ўсе парогі. Я — камбайнер, трактарыстка, Кіраўнік брыгады, Я — пілот, парашутыстка, I мне ўсюды рады. Я — дырэктар на заводзе, Аграном, вучоны... Ці было калі ў народзе Столькі нам разгону? I ў сям'і мне воля вее: Без царквы, без бога Сама выберу сабе я Друга дарагога. Дзе ж так вольна ў свеце жыці? Ці ж не радасць гэта? Як жа край свой не любіці, Родны край Саветаў!