Плыві, наша песня, далёка!..

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Плыві, наша песня, далёка,
Па ўсіх акіянах плыві...
Над светам палаюць высока
Крэмлёўскія вежы Масквы.
Як сімвал прыгожае долі,
На зорах не гасне агонь —
Запалены сталінскай воляй,
Узлётамі думак яго.
Пры зорах магутная прыстань,
Дзе ў шчасці заводы, палі...
Сюды на маяк прамяністы
Са свету ідуць караблі.
Праходзяць яны непагоды...
I тут сустракае іх дзень,
Дзе Сталін жыве і народы
Саветаў наперад вядзе,
Дзе сінія, гордыя высі,
Дзе сіла не знае мяжы,
Дзе людзі навечна сышліся
Вялікаю дружбаю жыць;
Дзе песні, як сокалы, ўюцца,
Дзе мужныя твары людзей,
Дзе радасна гэтак смяюцца,
Як болей на свеце нідзе;
Дзе роўныя ўсе паміж роўных,
Дзе поўная сокаў зямля,
Дзе волі яснейшай законы
Выходзяць з трыбуны Крэмля.
Плыві-ж, наша песня, далёка,
Па ўсіх акіянах плыві...
Над светам палаюць высока
Крэмлёўскія зоры Масквы.