Песняй вітаю я вас

Яшчэ не ацэнена

Леглі шырока нівы калгасаў.
Глянеш — разлог, далячынь.
Стужак дарожных роўныя пасы
Мераюць смужную сінь.

Ходзіць паважна дбалы араты,
Трактар — палёў гаспадар,
Дужы і ў працы спорны, заўзяты,
Ходзіць — гамоніць абшар.

Скінуты межы, свет разгароджан —
Далеч, бязмежны прастор.
Яснае заўтра, дзень наш прыгожы,
Досвіткі, тысячы зор!

Змоўкла ў прасторах песня старая,
Скаргі адвечны палон;
Вольная праца нас адарае
Песняю радасных дзён.

Песні гавораць — жыць стала лепей,
Песні, як мак, расцвілі;
Поўняцца імі горы і стэпы
Нашай Савецкай зямлі.

Плаваюць песні звонам-разлівам,
Песні расквечаных дзён;
Песням вясёлым, песням шчаслівым
Хочацца ўторыць у тон.

Марш перамогі ў радасным гудзе.
Хіба ж не радасць наш час?
Краю Савецкі, новыя людзі!
Песняй вітаю я вас!