На шчасце мне сніліся сінія рэйкі, сірэны ў тумане, надхмарныя высі. Сягоння, Радзіма, усе твае рэкі у сэрца ўліліся, у сэрца ўліліся. Люблю трапятанне сцягоў Першамая! Я ўвесь — прадчуванне трывожнай дарогі. Гучыць пажаданне тваё, дарагая: — Далёкай дарогі, шчаслівай трывогі... З такім адчуваннем я выбег калісьці на ганак высокі з дзвярэй сямігодкі, узрушаны пахам зялёнага лісця і сонечным шумам вясёлай паводкі. Дармо, што сівеюць мае аднагодкі — вучы нас, краіна, сягоння нанова! Я з першай гарачай вясны сямігодкі на майстра твайго гартавацца гатовы. Я чую: над плошчай і ў полі ля гаю, дзе б'юць на Дзвіне перад сконам парогі, — гучыць пажаданне тваё, дарагая: — Далёкай дарогі, шчаслівай трывогі!..