Першамай

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Вясна!.. Вясна!.. Удалі над краем
Зара вяргіняю цвіце.
Мы гэты дзень назвалі Маем, —
Дзень светлай радасці людзей.

Мінулі грозныя навалы,
Парваны путы-кайданы,
I мы магутным караванам
Вітаем моладасць вясны.

Вітаем песняй вызвалення,
Адвечнай казкаю жыцця.
Няхай на славу пакаленням
Над краем зоры шалясцяць!

Няхай цвітуць, не адцвітаюць
Шыпшыны сонечных зарніц!..
Няхай ад берагу да краю
Гамоняць хвалі ў цішыні!..

Хто з лірай плакаў пры дарозе,
Каго вадзіў жабрачы кій, —
Вясне чароўнай на парозе
Кладзе лаўровыя вянкі.

Агні гараць...Агні ў прасторах...
А думы сочацца, плывуць...
У адну любоў зліемся скора —
У любоў шырокую, як мора,
Дзе шчасце ў вечнасці для ўсіх!

Агні цвітуць і гаснуць цені...
Агні над краем шалясцяць,
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Яны прад сонцам на каленях,
I ў кожным гордае імкненне, —
Парыў няспынны да жыцця.

Яны ідуць... ў крыві іх ногі...
Над імі ў замецях вясна.
Яны ўміраюць на дарогах
На Ўсходзе й Захадзе ад нас.

І хто яны? Якія людзі?
Мо' праўды светлае сыны?
Куды ідуць? Чаго там блудзяць?
З якою помстаю для суддзяў
Нясуць на сэрцы кайданы?

Яны ідуць напорным крокам
У краіну светлую жыцця,
Іх час расплаты недалёка!..
Іх думы сокалам высока -
На крыллях сонца шалясцяць.

Агні гараць... Агні ў прасторах...
А зоры сочацца, плывуць...
У адну любоў зліемся скора —
У любоў шырокую, як мора,
Дзе шчасце ў вечнасці для ўсіх!