Пенсіянер

Сярэдняя: 2.5 (2 галасоў)

Заўжды рухавы і натхнёны,
Гатовы зноў ісці ў паход,
Хоць ты ўжо з кніжкай пенсіённай
Знаёмы, і не першы год.

Часіна гэткая прыпала,
Сваё адгрукалі гады.
I хоць на кіцелі бывалым
Пагонаў даўнія сляды —

Ты да ўсяго цікавасць маеш
Па добрым звычаю здавён —
I востра вока заўважае,
I сэрца неспакойны тон.

I рухам войска на парадзе
Хвалюешся ты ад душы,
Дамоў ідзеш — зірнеш у садзе,
Як там гуляюць малышы.

I да ўсяго табе прычына —
Што ў парку Камунгас садзіў,
I быццам бы юнак з дзяўчынай
Не так як след загаварыў.

I што ў будоўлю нам мільёны
Патрэбна ўдумна укладаць,
Відаць, раней, чым стадыёны,
Бальніцы варта будаваць.

Сваімі дочкамі, сынамі
Ты не нацешышся ніяк,
Хоць часта, стрэўшыся з сябрамі,
Гаворыш ім: — А мы б вось так!..

Аб мірных днях заўсёды марыш,
А ледзь пагроза загрыміць,
Ты кажаш так: — Эх, даць бы жару,
Мы ж ім давалі прыкурыць!

За ўсім ты сочыш пільным вокам...
Не, ты ў дарозе не прыстаў,
Звык прымяраць усё навокал
Да ленінскіх вялікіх спраў.