Падарунак

Яшчэ не ацэнена

Заможная восень
Прынесла багата.
Вясёлая хата,
Калгасная хата!
Сям'я перад святам
Сабралася рана.
Утульна і светла,
Прыбрана, заслана.
Паважна пасела
За ціхай бяседай...
Адно нехапае
За столікам дзеда.
Развагі, здагадкі
Такія, сякія...
I скардзяцца горка
Унукі малыя:
„Каторы ўжо тыдзень
Ад нас уцякае,
Напэўна, у клеці
Дагэтуль стругае".
Пакуль аб прычынах
Усе разважалі,
Стары на парозе:
— Вы мабыць чакалі?
Што зробіш, спазніўся
Я сёння хвілінку... —
I ставіць на стол ён
Дубовую скрынку.
Па гладкаму веку
Праводзіць рукою...
Стары ў захапленні
Работай сваёю.
Як быццам жывыя,
Бліскучыя зоры...
На сценках бярозы
Зялёнай узоры.
Жаўцеюць на ўзгорку
Палеткі пшаніцы,
Стаяць часавыя
На варце граніцы,
Па сіняму небу
Плывуць самалёты.
Сям'я ў захапленні:
— Якая работа!
— Вунь нашая рэчка...
— Вунь школа ля гаю...
З павагаю скрынку
Стары адкрывае.
— Цяпер вы задуму
Маю заўважайце:
Тут восем раздзелаў,
Нас восем у хаце,
Хай кожны паложыць
Ў асобнае месца
Свае падарункі
Ад шчырага сэрца.
З бароў верасковых
Ад ліп і маліны,
З мядункаў вясновых,
З пахучай ажыны, —
Пчаляр я калгасны, —
Свайго ўраджаю,
Найлепшага мёду
Яму пасылаю! —
Услед загудзела
Гамонка-бяседа...
І ўсе не нахваляць
Дадумнага дзеда.
— У нашых калгасах
Жанчынам пашана! —
І ложыць старая
Рушнік вышываны,
Усталі нявесткі
З кляновага ўслону,
Пшанічную здобу
Прынеслі з паклонам.
Сыны уздымаюць,
Закончыўшы раду
Буйныя антоны
З калгаснага саду.
А побач з уцехай
Узнятыя рукі, —
Грыбы баравыя
Трымаюць унукі.
І самы апошні
Абклаўшы ялінай,
У кошычку новым
Прынёс журавіны...
А потым вітанне
Пісала дзяўчынка...
Пачэсна стаяла
Прыгожая скрынка.
Да позняе ночы
Сям'я прасядзела.
Пра Сталіна песня
У хаце гучэла...
Назаўтра-ж адранкам
Марозным і ясным
Дзед ехаў на пошту
З дарункам калгасным.