Пад напевамі ветраў асенніх

Сярэдняя: 3 (1 голас)

Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасцягам разложыстых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.

I на вогнішчы буры віхрыстай,
На магіле мінуўшчыны дзікай,
Беларусь, над табой агнявіста
Новай квадры настаў маладзік!

Яго погляды — далі люстраныя,
Волі дух — сакаліны палёт,
Яго грудзі — уздым акіяна
Вольнай песняй вітаюць Заход.

Чую — там падымаецца лёскат,
Разліваецца полем аўсяным, —
Гэта звоніць кужэльная вёска,
Да Кастрычніка туліцца ўся.

I глядзіць туды вокам арліным,
Каб узняцца на крыллях вясенніх,
Дзе равуць вольнагучна машыны
Над краінай бяссмертнага Леніна.

Вольных песень стыхійныя хвалі
Вірабурна прыволлем буяняць
I нясуць у замежныя далі
Кліч прыгнечаным — кліч да змагання.

Прыдзе час, і пад снягам чырвоным
Ашлюбуецца з Нёманам Вісла,
I свабодаю Вільня зазвоніць, —
Хай панурыя хмары не віснуць!

Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасторам квітнеючых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.