Па шчупаковаму загаду

Яшчэ не ацэнена

А значыць трэба: мой
Герой
Напнуцца не любіў ніколі.
Заўсёды працаваў адсюль — дасюль:
Ад дзевяці нуль-нуль да чатырох нуль-нуль
I ні хвіліны болей.
Гадзіннік на сцяне ледзь бумкне першы раз, —
Ён з працы мчыцца так, бы з ланцуга сарваўся,
Па «буму» трэцяму дадому дабіраўся
I за абед сядаў у той жа час,
Прытым яшчэ сіпеў, што дужа затрымаўся.
Нічога для другіх ён не хацеў зрабіць.
У парку дрэўца пасадзіць?
Ну што вы, дзе там!
Але паразважаць любіў пры гэтым
Як мае быць.
Ды што ні закране — усё не так.
I гэта — дрэнь, і тое — брак,
Скрозь недахопы, недагляды...
I змен да лепшага чамусьці не відно...
Аднойчы ён убачыў у кіно,
Як печ па шчупаковаму загаду
Імчала праз палі якогась дзецюка
Спрытней, чым «Волга» альбо «Татра».
Герой мой уздыхнуў, выходзячы з тэатра:
«Вось мне б такога шчупака!»
«Навошта ён табе? — спытала жонка гнеўна.—
Завезці ў сваты да царэўны?
Глядзі ты! У мяне нялёгкая рука...»
«Дурніца! — дам адказ табе кароткі.
У сваты!.. Шчупаку я б мог заданне даць
Для нас усё на свеце збудаваць,
Было б не трэба марнаваць
I час, і сродкі.
А то ж патрэбна колькі год чакаць!..»

Суседа меў я гэтакага складу.
Ён быў упэўнены ўвесь час,
Што прыйдзе камунізм да нас
Па шчупаковаму загаду.