Новая восень

Сярэдняя: 4 (6 галасоў)

Па-новаму восень палеткі
Абходзіць, глядзіць гаспадаркі...
Пайшлі аддыхаць пад паветкі,
Згуляўшы дажынкі, жнівяркі.

Закаўкалі каўкі на ўзвышшы,
Затрэсліся лісці ў гушчарні...
Цапы на сяле заглушыўшы,
Бушуе камбайн-малатарня.

Даўжэй цень кладзецца ад хатаў,
Цяжаюцца пульхна папары...
Адборныя жыта зярняты
Саджае сяўнік у гектары.

Віхор па кустах, па галінах
З усходу пагульвае свежы...
Дабром папаўняе спажыўным
Сячкарня сілосныя вежы.

У вырай сабраліся гусі,
I жораў азваўся пад небам...
Плывуць па шляхах Беларусі
Абозы чырвоныя з хлебам.

Асенняе сонца спакойна
Ў прасторах нямых пахаджае...
Гуляе пад сцягам чырвоным
Калгаснае свята ўраджаю.