Ноч у валрэўкоме

Сярэдняя: 5 (1 голас)
А мне не забыцца тых дзён агнявых.
Я помню: маёнтак над рэчкаю.
У панскім палацы, між ліп векавых —
Уся наша ўлада савецкая.

Сядзім хто ў шынелі, а хто ў кажушку,
Паволі збіраемся з сіламі.
I, быццам заснуўшы, стаяць у кутку
Вінтоўкі, з марозу настылыя.

З нас кожны і пісар, і кожны салдат.
Часіна прыпала ціхуткая —
I хтосьці Саветам складае загад,
А хтосьці дыміць самакруткаю.

А хтосьці ўжо соннай панік галавой,
А хтосьці мармыча і лаецца,
А хтосьці за «Правдою» і «Беднотой»
Аб новых задачах спрачаецца.

Устаў ваенком. Ён пакінуў іграць,
Сказаў ужо даўна чаканае:
«Прыляжам жа, хлопцы!..»
                                              I ўзяўся здымаць
Свой кольт з кабурою драўлянаю.

I вось, калі ўсе дачакаліся ўжо
Хвіліны спачыну законнае —
I покліч трывога ўзняла:
«У ружжо!»
I бойка...
               і ночка бяссонная...