Ноч

Сярэдняя: 2.3 (3 галасоў)

Дзень згарнуў з блакіту крылы,
Сонца знікла ў бездань быццам,
Ліпы ў мораку застылі.
Вось і вечар. Час лажыцца.

Чую я, гадзіннік сценны
Крок за крокам прыбаўляе...
Дзень прайшоў. Шкада, не вернеш.
Я на ложку. Спачываю.

За сцяною чэзнуць рэчы.
Месяц знік, бы ў хвалях рыба.
Ноч змяніла сіні вечар,
Шэры плашч кладзе на шыбы.

Вецер шэпча ў аканіцах,
Стала больш суровым неба.
Б'Е ГАДЗІНА. Што ж, не спіцца,
А заснуць мне вельмі трэба,

Каб ускочыць рана-рана
(Неспакойна жыць паэту).
Стыне верш недапісаны,
Просяць допіс у газету.

Клуб на дыспут запрашае.
Знаю — будзе многа тлуму...
Як заснуць мне, — разважаю.
Не даюць спачыну думы.

ДЗВЕ ГАДЗІНЫ. Сон не морыць.
Я далёка ўжо ад дому,
Дзесьці там, за сінім морам,
Там, на востраве вядомым,

Дзе на варце людзі сёння,
Бо ўзнікаюць буры часта,
Дзесьці ля Плая-Хірону
Бачу я Фідэля Кастра.

Куба, Куба! Край герояў,
Шмат спяваеш, храбра б’ешся, —
Над Амерыкай усёю
Мне жамчужынай здаешся.

Дзе тут спаць. Іду, спяваю.
Песні ж іх падобны грому.
Кубе шчасця я жадаю.
ТРЫ ГАДЗІНЫ. Зноўку дома.

Я з сябрамі на камбайне.
Размаўляе стэп са мною.
То плыву я над Ўкраінай,
То далёка цаліною.

Рады. Слаўна каласіцца,
Хлеб у самым добрым спеве,
А з таго, што ў нас дажджыцца,
Я варочаюся ў гневе.

Вось гадзіннік Б'Е ЧАТЫРЫ.
Зноў Ангола ў сэрца пала,
Ў партугальскія мундзіры
Апранутыя шакалы.

А чаго ж Ангола хоча?
Волі ўсім — бацькам і дзецям.
Салазараўцы уночы
Рэжуць-крояць маё сэрца.

Дзе праходзяць — там пажары,
Дым, руіны, кроў наўкола,
Толькі згінуць Салазары,
Будзе вольнаю Ангола.

ПЯЦЬ ГАДЗІН. Крыху світае,
Недзе промні чэшуць сосны.
Ленінскі праспект ківае
Галавою мне выноснай.

Дзе яму, якія межы,
На вякі ён азароны.
Над ажурам тэлевежы
Сцяг як быццам птах чырвоны.

Чую я, праспектам крочаць,
Кожнаму — сваё заданне.
Гімн ляціць з Чырвонай плошчы,
ШЭСЦЬ ГАДЗІН.
Дзень добры, ранне!