Неспакой

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

1

Вечная незадаволенасць —
У сэрцы балючым рэхам.
А можа, гэта няздольнасць
Угнацца за ярасным векам?

А можа, лепей, чым гнацца
За простай і яснай ісцінай,
Цішком над гатовым згінацца
Ці слацца апалым лісцем?

Толькі не гэта, не гэта.
Не здолею — кропка. Труна.
Iншыя будуць паэты
Сэрцы людскія кранаць...

Я ганаруся партыяй,
Ды мала цяпер прысяг.
Чаго, пытаюся, варты я,
На якой вышыні мой сцяг?

2

Эпоха на аркане
Трымае моцна нас.
Навошта нараканні
На звар’яцелы час,
Што забіваюць хуткасці,
Што забівае тэмп?
Мы на ўспаміны хукаем,
На свежасць першых тэм.

А мо не забіваюць —
Адсталых з ног збіваюць?
А можа, хуткасць грозная —
Выратаванне розуму?
Ратунак ад галечы,
Цяжкіх блакадных зім...
Калі ж ты, сонца, ў глечык
Нацэдзіш мёду ўсім?