Настаў чарод...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
      Настаў чарод,
      Ідзі, народ,
На свой вялікі вольны сход!
      Ты сотні год
      Ліў кроў і пот,
Каб сыты быў варшаўскі зброд.

      Цябе, мой брат,
      Губіў пан-кат,
Скарынцы хлеба ты быў рад,
      У світцы з лат
      Не ведаў свят
I не мінаў астрожных крат.

      Плыве гул-сказ:
      —  Настаў твой час,
Час кінуць жудкі свой папас!
      Быць сярод нас
      Між ясных крас
Мы клікалі цябе не раз.

      Ідзі і знай,
      Свой голас дай
За свой савецкі родны край!
      Зялёны гай,
      Чырвоны май
Ты з намі радасна спаткай!

      Палёў прастор,
      I луг, і бор.
Спакой і шум далін і гор
      У твой жа двор
      Прыйшлі на збор,
Прыйшлі ў святле крамлёўскіх зор.

      Не будзе здзек
      Табе ўвесь век
Крывавых слёз тачыць з павек.
      Чужых апек
      Ланцуг пасек —
Ты ўжо свабодны чалавек!

      У новы свет
      Пасля ўсіх бед
Ідзі, красуй, як макаў цвет!
      Іскрыць прасвет,
      Звініць прывет,
Ты церабі да шчасця след!

      За шчасце, знай,
      Свой голас дай
За свой савецкі родны край!
      Зялёны гай,
      Чырвоны май
Ты з намі радасна спаткай!