Нашым сынам

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Не гаруйце, хлопцы,
Што нарадзіліся позна,
Што замест рамантыкі —
У вас нуда граматыкі.
Вы яшчэ на подзвігі
Атрымаеце позвы,
I па вас наплачуцца
Сёстры і маткі.

Не журыцеся, хлопцы,
Што нарадзіліся рана,
Вы нарадзіліся
У самы добры час:
Вы бачылі ўчора
На блакітных экранах
Першага пешахода
Завоблачных трас.

А я нарадзіўся
У вялікім Семнаццатым,
Гэты год запомніць
Трэба нам усім:
Рэвалюцыя —
Пачатак касманаўтыкі,
Нашай праўды,
Нашай славы,
Нашых сіл.

Не забудзьце, хлопцы,
Перад стартамі
Успомніць наша гора,
Нашы страты.
А заганы нашы,
Страхі і хваробы
Пакідайце
За зямным парогам.