Нашы дні

Яшчэ не ацэнена

Праімчаўся віхор, пыл і затхласць размёў,
Сцяг чырвоны разняўшы ўгары.
Вы, таварышы, вы ўладары
Гэтых фабрык, заводаў і вольных палёў.
Зарунела ралля.
Твар мяняе зямля —
Новы засеў вянкі перамогі заплёў.
У нябыт адыходзіць закляцце вякоў.
Гэты здзек, гэты жах кабалы,
Гэта цемра папоўскай імглы.
Гэта тхлань і насланне ліхіх ведзьмакоў.
Запалілі агні
Бальшавіцкія дні
I спалілі нашчэнт звон іржавых акоў.
Не пазнаеш зямлі і вясковых людзей —
Не, не тыя, не тыя яны!
Іншым клопатам людзі паўны:
Крута іх павярнуў бальшавік-чарадзей.
Новы гоман наўсцяж,
Замест «мой» громка «наш»
Вылятае з калгасных здаровых грудзей.
Знята ўлада зямлі, векавечны прыгон,
Што пракляццем лажыўся на нас.
Бляск фальшывы навекі пагас...
Я вітаю вялікі, шырокі разгон
Нашых дзён маладых,
Гоман творчасці іх.
Дык ярчэй жа гары, сонца радасных дзён!