Нашаму святу

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Расчыні шырока дзверы,
      Мілая старонка,
Выйдзі стрэнуць свой Кастрычнік
      Песняй гулкай, звонкай!

Свята нашай гадавіны,
      Хоць і ўвосень свята,
Свеціць вечнаю вясною
      Нашым гоням, хатам.

Гэй вы, хлопцы, гэй, дзяўчаты,
      Камсамол шчаслівы,
Сыпце кветкі, сыпце радасць
      Нашым сёлам, нівам!

Перад намі ў сонцы, ў зорах
      Будучыня наша,
Кожны дзень сягоння лепшы,
      Як быў учарайшы.

Наша праца не йдзе марна
      Ў полі, на заводзе, —
Аб здабытках, дасягненнях
      Слава ходам ходзіць.

Мы не марамі сягаем
      Высака пад неба, —
Самалёты — нашы птахі —
      Даль вышынь цярэбяць.

Мы не пекла дасягаем
      У зямлі глыбінах,
А багацце здабываюць
      Нашыя машыны.

Нашы межы не баяцца
      Здрадніцкіх напасцяў;
Мы — сяўцы для чалавецтва
      Яснай праўды, шчасця.

Нашых песень, светлых думак
      Нішто не зацемрыць —
Ні наганы, ні кайданы
      Фашыстоўскай хеўры.

Мы ідзём у сонцы з сонцам
      Маладым паходам.
Слава бацькаўшчыне нашай
      I яе народам!..