Наша энцыклапедыя

Сярэдняя: 4 (5 галасоў)
                                   Петрусю Броўку

Не, такога яшчэ мы не ведалі!
Гэта свята без пышных прамоў:
Беларуская энцыклапедыя,
Радасць першых вішнёвых тамоў.

Тут усё: наша праца, гісторыя,
Геральдычныя знакі вякоў,
I Сафія, і замак Баторыя,
I бяссмерце бальшавікоў.

Тут уборы, і песні, і рэкі.
Краявіды і цені зуброў;
Абеліскі, якія навекі
Здабылі нам мільёны сяброў.

Мы далёкія ад убоства:
Знойдзе кожны ў нядробных радках
Партызанскую маці
I бой свой
Ці героя свайго земляка.

Знойдзе кожны свой горад, ці вуліцу,
Ці станок,
Ці метал,
Ці матор.
Беларуская,
Ды не вузкая:
Любім мы ўсёй радзімы прастор.

А калі там што-небудзь прапушчана:
Мала песень, азёр, навальніц —
Прыязджайце да нашых пушчаў
I напіцеся з першакрыніц.