Накарміліся панскаю ласкай...

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Накарміліся панскаю ласкай,
Горкіх слёз напіліся дасыта.
Што здавалася ўчора йшчэ казкай,
Прыйшло сёння у сонцы спавітым.

Расплываліся ў небе туманы,
Разганяў вецер ссохшае лісце.
Салавейка спяваў над курганам,
Неяк быццам спяваў галасісцей.

Ішлі гоманы нівай наспелай,
Гарады аклікаючы й вёскі.
Белавежская пушча шумела,
I шумеў цёмны лес Аўгустоўскі.

Пераклікі чуваць былі ў хвалях
Паміж Нёманам, Днепрам і Бугам,
I да Волгі плылі, дабягалі
Шэпты хваляў ад Нёмана-друга.

Перад намі за панскай стражніцай,
За слупамі з арламі, а блізка,
Новы свет развідняўся зарніцай, —
Долі, волі народнай калыска.

Мы лавілі і думкай, і вухам
Стуль найменшае водгулле-рэха.
Вораг толькі стуль вестак не слухаў,
Упіваўся раз'юшаным смехам.

Выглядалі, чакалі цярпліва,
Як чакае з вайны маці сына,
Той хвіліны чароўнай, шчаслівай,
Калі прыйдуць з вялікай навінай.

I прыйшоў гэты час перамогі,
Вярнігорай прыйшоў ён з Усходу,
I руйнуе кайданы, астрогі,
На свабоду выводзіць народы.

Накарміліся панскаю ласкай,
Горкіх слёз напіліся дасыта.
Што здавалася ўчора йшчэ казкай,
Прыйшло сёння у сонцы спавітым.