На ўсяночнай

Яшчэ не ацэнена

(Паводле народных матываў)

Цёмна. Ноч. Спяваюць пеўні,
Люд у цэркаўцы захроп.
Неўзабаве ў задумленні
Падышоў заспаны поп.
У святочным ён адзенні
Стаў, навокала зірнуў
I ад палкага натхнення
На ўсю цэркву зацягнуў:
— Пакі! пакі!
За прысмакі,
Што даюць нам небаракі,
Покуль не здаволімся,
Мірам госпаду памолімся! —
Дзяк тут, доўга не чакаўшы,
Шморгнуў носам, кашлянуў,
Ды, казліны тон узяўшы,
За папом ён пацягнуў:
— Госпадзі памілуй,
Колькі хваціць сілы,
Памажы нам, мілы,
Вымагаць падаткі,
Есці век аладкі,
Бо, відаць, сяляне
Позна ці заране
Адракуцца веры.
Ужо й цяпер без меры
Кпяць яны над намі,
Кажуць, будзем самі
Жыць у новым свеце,
А папоў, як смецце,
Вымятаць з краіны —
Годзе ім асміны
Браць за пахаванне
I людзей ў тумане
Марнаваць даволі.
Мы ідзем да волі! —
Янка дзяка не шманае,
Падміргне ён Лукашу...
Поп увагі не звяртае
І далей вядзе імшу:
— Алялюя, алялюя,
Хоць уночы не дасплю я,
Будзе масла і свініна
У імя духа і сына.
Хоць уночы не дасплю я,
Будзе варт за алялюю. —
Скончыў поп, і мілагучна
Уміг забомкалі званы,
I, здаецца, зычна-гучна
Выгаварвалі яны:
— Падай, падай нам...
Поснае ты сам...
Будзем есці ў смак,
Няхай будзе так!

Не званіце так таемна
Вы, разбітыя званы,
Бо вы звоніце дарэмна
Над прасторамі вясны.
— Годзе, годзе, — кажуць людзі, —
Строіць кпіны з мужыкоў.
Далей гэтага не будзе, —
Ужо не трэба нам папоў.
Без паповага малення
Мы разбудзім вольны край,
Пойдзем шляхам вызвалення!..
А ты, баця, выбачай!