На сцэне i ў залі

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Над прасторам і зацішшам,
У дзікім гневе навальніц,
«Бронепоезд» даль калыша,
Мчыцца ў будучыні дні.

Надрывае бурай грудзі,
Водгук коціцца ў прасцяг.
I ў душы рабочых будзіць
Песні новага жыцця.

Я ўглядаюся далёка
У жыццерадаснасць і шыр,
Толькі чую, як глыбока
Нехта лаецца ў душы:

«Што-б вам так, а што-б вам гэтак,
Дайце-ж жыць хоць за патэнт...
...Не даюць пабачыць свету,
Кажуць — «Вредный элемент».

А прад дамаю ў шаўёне
Вобраз «прошлага» ізноў.
Думкі чорныя наводзіць
За «Коварство и любовь»:

«Ці развеяць успаміны
Па-над бурамі ў жыцці?
Ці пякучым какаінам
Душу й сэрца атруціць?»

Вось мяшчаначка з біноклем
Углядаецца наўскос...
Вочы ўпалыя прамоклі
Ад балючасці і слёз.

Грудзі сціснуліся жалем,
Галаву спавіў туман.
Нібы лебедзі на хвалях,
Думкі мкнуць «За океан».

Толькі тоўсты не ў гуморы...
Бляск вачэй яго пагас.
Сёння бачыць ў «Ревизоре»
Сам сябе ў апошні раз.

Я гляджу — і ў аксаміце,
Бачу, нехта спахмурнеў.
«Штилем» крозы апавіты,
Прад вачамі страх і гнеў.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Я над цеменню й зацішшам.
Па-над кручамі, як гром,
Хвалі гнеўныя калыша,
Б'ецца ў грознасці «Разлом».

А «Разлом» і пры ўваходзе...
Говар, смех, парывы дум...
I ў няспынным карагодзе
Людзі йдуць, ідуць, ідуць.

То-ж рабочыя з заводаў —
Дзеці сталі і машын.
Яны ў водблісках свабоды
Будаваць прышлі і жыць.

Чуць, як б'ецца буравеснік,
«Бронепоезд» мчыцца ўдаль,
I плывуць далёка песні,
Песні, звонкія, як сталь.