На мінскіх вуліцах

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Вуліцы... Вуліцы... Як летуценні,
Поперак сходзяцца, цягнуцца ўдоўж.
Выгляне сонца — асфальт замігцее.
Грымне грамок — скача чэчаццю дождж.

Гром я люблю, гром вясны, а не войнаў,
Болей жа — ціхіх світанкаў спакой.
Рана прачнуўся. Іду ля падвойных,
Сонных на ніжніх паверхах акон.

Безлюдзь у горадзе. Пуста, пакуль ён
Гоман прыцішыў — да галаска.
Плошчы за лейцы ўчапіліся вуліц,
Сціснулі лейцы ў сваіх кулаках.

Добра на вуліцах марыць аб нечым.
З марамі крочыць намнога лягчэй.
Мары ад дому вядуць на сустрэчу.
З кім? Можа з позіркам мілых вачэй?

Раніцай бачыцца люба з вачамі,
Сонцам, людскою турботай зямной,
Выйшаў я ў горад. Маршрут мой звычайны
Зычыць сустрэчы са славай самой.

Першы на вуліцы Янкі Купалы
Спыніць Купала, на Горкага дзесь
Горкі заокае — шчыра спаткаю
Двух пабрацімаў я, ўзрушаны ўвесь.

Трохі прайду і, напэўна, яшчэ з кім
Зблізку пабачуся. Веру: якраз
Пройдзе на зорцы бульварам Шаўчэнкі
З думай сваёй неўміручы Тарас.

Блізка адсюль — мог дастаць бы рукою! —
Вуліцы ў шуме прысад маладых,
Дзе з Чарнышэўскім страчаецца Колас,
З Чорным — Максім Багдановіч заўжды.

Вабяць сустрэчы, куды ні пайду я.
З вуліц абжытых, адкрытых вясне,
I Маякоўскі, і дзядзька Бядуля
Рукі ўрачыста працягваюць мне.

Мінск — дружалюбны. Я гэта, між іншым,
Бачу на факце шмат вёсен і зім;
Чэхаў, Талстой, Дабралюбаў, Радзішчаў,
Вуліцы ўзяўшы, зрадніліся з ім.

Век я пра славу сусветную мрою
Мінска, што стужкамі вуліц звязаў
Славу паэтаў з бяссмерцем герояў —
Грозных падпольшчыкаў і партызан.

Мужных прыгадваю і ў завяршэнне
Думы прыспешаю, з імі — хаду.
З вуліцы Веры Харужай да Варвашэні,
Да Смалячкова на хвілю зайду.

Час і вяртацца. Пад сонейкам светлым
Стаў я, дзіўлюся, як людзі цякуць,
Быццам віры, Ільічовым праспектам
Скуль усе вуліцы славу бяруць.

Іншыя вершы аўтара