На чырвоным пляцу (З паэмы „Янук Сяліба”)

Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)
Поўнач.
            Куранты крэмлёўскія звоняць.
Не уцячы ад назойлівых дум,
што агарнулі
                        і пляцам чырвоным,
як неадступныя цені, ідуць.
Можа за гэтую ноч над краінай
новы лес шыбеніц вырас, і зноў,
рукі скруціўшы, на здзек, на чужыну,
вораг пагнаў і сясцёр і братоў.
Вецер праносіць заходнія хмары,
толькі не снежнай мяцеліцы бель —
попел гарачы далёкіх пажарышч
мне ападае
                   на твар,
                                 на шынель.
Попел далёкіх загонаў, з якімі
звязан, як чарамі лёсу, навек
ўсімі карэннямі і залатымі
струнамі песень
                            і жыламі рэк.
Некалі марыў: пабачыць Таіці,
каб у жытнёвым напеве маім
Афрыкі сонца магло залаціцца,
ванты звінелі
                        з прыбоем марскім.
Быў-бы сягоння шчаслівым з нас кожны
хоць на руіны вярнуцца дамоў,
да абгарэўшых бяроз прыдарожных,
да незасеяных нашых палёў.
Ведаю — страт яшчэ будзе нямала
і ў пераможным апошнім баю.
Веру — дзень прыдзе,
                               і з урнай Купалы
вернемся мы на радзіму сваю.
Можа не суджана з нас каму будзе
поўдзень убачыць
                           над Нёмнам,
                                            Дняпром,
можа буранамі ўспенены студзень
і над маім прашуміць курганом.
Песню сябры занясуць на радзіму
ў касках паходных,
                             у ранцах сваіх,
песню, якую спавітыя дымам
хвоі чакаюць на сцежках маіх.
Звоняць куранты над пляцам Чырвоным.
Хутка світанне.
                           Ярчай і ярчэй
з цёмнай імглы і завеі шалёнай
перада мною ўстаюць:
                                       маўзалей,
вежы і зоры, прыбраныя ў іней.
Колькі, Масква, ты мне шчасця дала!
Колькі ты раз у цяжкую гадзіну
яснай надзеяй, прытулкам была!
Можа таму з табой зліты навекі
ўсе мае думы і струны душы.
Так толькі часам зліваюцца рэкі,
каб на прадвесні
                             ільдзіны крышыць.