Мы славім яднанне

Яшчэ не ацэнена

Прайшлі вы нямала
Сваімі шляхамі,
Хай часта нялёгка было будаваць —
Блакітнае неба
Сягоння над намі,
Нам ёсць аб чым сёння шчасліва спяваць.
Ды нам
Не магло нават гэта прысніцца,
Што зноў Беларусь расквітнее такой,
Што вырасце Мінск —
Беларусі сталіца,
Што ўсіх ён захопіць сваёю красой.
Мы рады
За поспехі нашай краіны:
Якія навокал заводы ўзраслі!
I з мінскаю маркаю
Нашы машыны
Далёка сягоння са славай прайшлі.
А выйдзеш на поле,
Што ў моры здаецца,
I зроку усё ахапіць не стае...
А як прыгадаеш
Аб нашым Палессі,
Аб тым, што з ім будзе, — аж сэрца пяе.
Масква,
Ты дала нам жаданае шчасце,
Мы сэрцам імкнуліся заўжды на ўсход.
Мы славім цябе,
Як любімую маці,
Мы славім вялікі наш рускі народ!
Мы славім яднанне
З братамі усімі,
Сцяг дружбы магутна сціскае рука.
Мы славім
Сваю дарагую Радзіму,
Мы партыю славім і родны ЦК!