Мінскія святы

Яшчэ не ацэнена
Люблю я вас, мінскія святы, —
        чырвоныя рэкі сцягоў.
Выходзяць на вуліцы песні,
        і радасць, і наша любоў.

З’язджаюцца госці з паўсвету,
        найбольш — партызанскай радні...
У першых шарэнгах героі,
        іх зоркі зіхцяць, як агні.

Гучыць у іх гонар ваенны,
        авеяны славаю марш.
Сівыя мае камсамольцы,
        я з вашага племя, я ваш!

I ўсё ж я заўсёды смуткую,
        як новае свята ідзе,
Бо падаюць воіны моўчкі,
        рады партызанаў радзей.

Усім абавязаны вам мы,
        мы кожную помнім з ахвяр.
На дужых плячах свайго бацькі
        сядзіць наш мільённы жыхар...

Усюды так светла і ярка,
        што з космасу Мінск наш відзён.
З вянкамі і кветкамі ціха
        да мёртвых герояў ідзём.

Здаецца, я чую іх голас
        з апошніх прыстанкаў зялёных:
«А як там гадуюцца ўнукі,
        ці помняць хоць нашы імёны?»

Стаяць у страі дом ля дома,
        нібыта баец ля байца, 
На вуліцы Варвашэні,
        на вуліцы Казінца.

На вуліцы светлай Казлова,
        на вуліцы Веры Харужай
Па вашых святых запаветах
        жывуць працавіта і дружна.