Мемарыяльныя дошкі

Яшчэ не ацэнена

Я змераў Мінск і ўпоперак і ўдоўжкі,
Спазнаў усе завулкі, тупікі...
I ўсюды бачу дошкі, дошкі, дошкі,
Прыбітыя, здаецца, на вякі.

Каля адных праходжу ціха міма,
Каля другіх зусім спыняю крок...
Зноў лістапад,
I ноч,
I зноў пад Мінскам
Рэвалюцыйны вее вецярок.

Далёкая суровая узнёсласць,
Мяне ты хвалявала ўжо не раз.
Вось тут Свярдлоў
Ад Леніна прынёс нам
I праўду,
I параду,
I наказ.

Тут Фрунзе пасылаў свае атрады
Раззброіць жандармерыю,
А там
Узводзілі мінчане барыкады,
Жыццём сваім.
Шлях церабілі нам...

Наўкол гамоніць племя маладое,
Я сёння іх ні ў чым не папракну.
Я ведаю:
Ад нас пяройдзе ўсё ім —
Цяжар жыцця
I праўда пра вайну.

Ад песень і ад смеху гулкі пошчак...
Ды прыйдзе непазбежны сталы час,
I каля гэтых непрыкметных дошчак
Яны яшчэ прыпыняцца не раз.