Мая радаслоўная

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

З чаго пачынаць радаслоўную сёння?
Прапрадзедаў нашых, на жаль, я не помню.

Не засталося даўнейшага следу,
Было невядома ні бацьку, ні дзеду.

Ды не таму, што мы знаць не хацелі,
Проста таму, што пісаць мы не ўмелі.

Дазвольце ж, я летапіс свой пачынаю,
Як я прапрадзеда сам уяўляю.

Сядзіць ён, густыя пахмурыўшы бровы.
У замку з бярвення — смалістым, сасновым.

Хай шыбы анучамі пазатыканы,
Хай дах па-над замкам увесь саламяны, —

З каміну, больш пэўна — з каменнае печы,
Яго смалякі асвятлялі штовечар.

А быў ён, як рыцар, харобры, багаты,
Увесь, дзе ні глянеш — у латах, у латах...

А латы на ўсім ім блішчаць, зіхацяцца —
На портках, на світцы і нават на шапцы.

Насіў жа заўсёды з павагаю нейкай
Заместа мяча ён капшук з самасейкай.

Хацеў ён жыццё сваё гэтым аздобіць,
Ляжала там крэсіва з губаю побач.

I жыў задаволена продак няжадны,
Што ў свеце агонь быў яму падуладны.

Ды трэба прызнацца, крыху быў фарсісты,
Меў рыцарскі рог ён і рог галасісты.

Даўжэзны-даўжэзны, самім змайстраваны,
Увесь перавіты карой берасцянай.

Як выйдзе прапрадзед, затрубіць на вёску
На выган збярэцца ягонае войска.

Адно што не бачна нідзе сцяганосцаў,
Галовы рагатыя, што ў крыжаносцаў.

Ды продкава войска не ваявала,
Яно толькі травы са смакам знішчала.

I быў ён, мой продак, вядомы і знаны —
Вятрамі у кнізе палёў прапісаны.

Асцюжаны ўзімку, асмужаны ў леце,
Араў і трубіў ён да самае смерці.

Спакойна страчаўся са смерцю сваёю,
Бо склеп быў гатовы яму пад сасною.

Стагоддзі міналі, і леты, і зімы,
I прадзед і дзед мой былі ўсе такімі.

А што з навіны ім пазнаць давялося?
Ну, можа, што дзеду — жалезныя восі.

Калі ж на палетку ў нас плуг заявіўся,
Я помню, што бацька ўжо гэтым хваліўся.

Не шмат мы да старасці бачылі змалку,
Былі нам за дзіва нават запалкі.

А дзе мне знайсці вас, патрэбныя словы,
Каб сёння азначыць мой летапіс новы?

Каб ведалі, прадзедам радасна б стала,
Што многа пабачыць за ўсіх мне прыпала —

З чырвонымі сцягамі людства калоны,
Чырвонымі сцягамі свет азароны.

Як з молатам серп на вякі паяднаўся,
Як слава ў народзе адна павялася,

Як мы багацелі ўсё болей і болей,
Як трактар выходзіў на нашае поле,

Як беглі са станцый агеньчыкі дротам,
Як вышай і вышай плылі самалёты.

У летапіс мой я запісваю гэта,
Хай прадзеды знаюць — пазнаў я ракеты...

Хай рыцар даўнейшы і быў зухаваты,
Мне рыцар нябесны сягоння за брата.

Гляджу на яго я — з майго ён народа.
Шалом у яго быццам даўняе моды,

А ў ім ён з Сусветам размовы праводзіць.
Ён смела на свой карабель узыходзіць,

А сеўшы, як возьме рычаг ён рукою
I пойдзе кружыцца над нашай зямлёю.

На гэтым яго не спыняецца мэта —
Імкнецца ў палёт на другія планеты.

Штораз усё далей і далей дарога,
Іх будзе ў жыцці яшчэ многа і многа...

Калі ж я, знясілеўшы, летапіс кіну,
Яго дапісаць даручаю я сыну.