Мае правы

Сярэдняя: 4.4 (10 галасоў)

Я рады, валодаю правам бясконцым
I цешыцца небам і роднай зямлёй,
I дыхаць паветрам, і грэцца пад сонцам,
I твар асвяжаць свой празрыстай вадой.
Зямлю я ўздымаю для ўсіх на патрэбу
I з радасцю ёй адбіваю паклон,
Кідаю зярняты ў пухлістую глебу,
А ўвосень мне любы мядзяны іх звон.
Будую я фабрыкі — наша багацце,
Іх веліч і сіла далёка відны,
Узводжу такія дамы і палацы,
Што зырка на свет паглядаюць яны.
Па роднай краіне іду я шляхамі,
Куды ні загляну, ў куточак любы,
Мне кожнае дрэва шапоча лістамі,
I гэтак пяшчотна, каханка нібы.
Куды я ні рушу, Кастрычніка зоры
I мой накірунак і родны мой дом —
Гараць у паветры, не гаснуць у моры,
У космас нас клічуць праменным святлом.
Яны мая радасць, яны мая слава,
Я ведаю — ўсім абавязаны ім,
Быць заўжды шчаслівым мне дадзена права
I дбаць клапатліва аб шчасці людскім,
Я гэтага права свайго не пакіну,
Ніколі не здраджу, нідзе не схлушу,
Людскога цяжару ўздымаю часціну,
Хоць кроплю святла, але далей нясу.