Ламае час былыя звычкі...

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Ламае час былыя звычкі,
Да наслаенняў я прывык:
Асліны голас электрычкі,
I старажытны маладзік,

I аўтаматыкі шарады,
I хітрай хіміі гушчар,
I чарнаморскія шаланды,
I лісця восеньскага жар,

Будзённы космас,
I Будзённы
Яшчэ ўсё скача на кані,
I чалавека воблік цёмны,
Што знік у атамным агні.

I два зубры, што з пушчы збеглі,
Убачыўшы счарнелы снег, —
Усё на сэрца цяжка легла,
Перамяшала страх і смех.

Тыпова, чорт вазьмі, тыпічна:
Тэлеантэны над вярбой,
Выпрабаванні стратэгічных
Ракет
I ракавы разбой.

Як мнагалюдна на планеце!
Больш тых, хто з голаду век пух,
Дакуль гібець, дакуль калець ім
У свеце здзірцаў і хапуг?

Хоць не парожняя дзяжа ў нас,
I добры хлеб наш не гарчыць,
I Ленін мудрую дзяржаўнасць
Нам даў, што трэба берагчы,

Ды часам думаеш да стомы:
Што нам нясе шалёны век?
А хто такія мы?
А што мы?
Якім ты станеш, чалавек?

Ад сколькіх ісцін адрачыся
I адцурацца хіб якіх,
Каб жыць прасцей, а не ўрачысцей,
Ды і чысцей на ўсе вякі?

А восень сыпле горкім лісцем,
I вечнасць свішча у трысці.
Як цяжка ўсім да простых ісцін
Праз лес хлусні старой дайсці.