Добра ў госці к сонцу з'ездзіць,
дзе ў трысці шумяць азёры.
Паравозу на раз'ездах салютуюць семафоры!..
З вудзільнамі, з рукзакамі
выйдзем раніцай з вагона,
над паходнымі радамі
затрапеча сцяг чырвоны.
На сцяжынках каля бору
зарыпяць пад намі кладкі,
мы паставім у чаборы
белакрылыя палаткі.
Дзе дразды кладуць яечкі,
дзе палян смалістых просінь, —
мы вяслом расплешчам рэчкі,
адбярэм загар у сосен,
пройдзем пушчай,
пройдзем бродам,
на сцяжынцы пройдзем вузкай.
Наліецца
у паходах
бронзай цела, сталлю — мускул,
Абмывайце хваляй, воды,
ногі стомленыя чыста.
Піце росныя заходы,
горны юнага гарніста!
Хай асвеціць перакаты,
кручы, хвалі, лапы ёлак
рыжакудры, языкаты,
як зара, касцёр вясёлы!
1936