Партыйная балада.
XX стагоддзе
Прайдзісветы пілі, як у бочку — булькатала,
лілася гарэліца,
I потым, п'яныя,
з гогатам лавілі жанчын і дзяўчат.
А ён засланяў рэвалюцыю ад тых,
хто над праўдаю цвеліцца,
Бо ведаў,
што ёй не ў радасць гэты сп'янелы чад.
Прайдзісветы нявер'е пладзілі і новую ўладу,
шчаслівыя,
Бы той капялюш,
прымервалі пад свой анархічны грэх.
А ён рэвалюцыю беражна,
нібы нявесту цнатлівую,
Засланіўшы сабой бескарысліва,
у сцюжах аддана грэў.
Прайдзісветы кралі мільёны — як воллі,
мяшкі набіваліся,
Усё хапатліва хапалі, усё да сябе граблі.
А ён, галодны і босы
(колькі мяшчане смяяліся!),
Аддаваў сваёй рэвалюцыі апошні і хлеб,
і рублі.
«Выдае сябе за святога, —
злаваліся здзіўлена многія. —
Нашто? Рэвалюцыя спіша — ты пі,
і цалуйся, і еш.
А твая чысціня і цнатлівасць —
на сёння адна дэмагогія.
Ды і наогул каму ты жыццё сваё ўсё беражэш?!»
А ён паціскаў плячыма —
не мог як след разабрацца ён,
Пра што мяшчане гавораць?
Хто над жыццём дрыжыць?..
Ён проста, калі было трэба,
выйшаў на кулі бяляцкія
I аддаў сваё сонца і неба,
каб магла рэвалюцыя жыць.
(З кнігі «Веча славянскіх балад»)