Камунары жывуць!

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Камунары жывуць, бачу іх,
        не, яны не забіты!
Пэр-Ляшэз, я стаю прад табой
        з галавой непакрытай.

Пэр-Ляшэз! Мужнасць храбрых
        ніколі не можа забыцца.
Вось і я тут стаю,
        каб героям тваім пакланіцца.

Спяць героі ў зямлі,
        але ў іх незгасальная сіла.
Я зрываю лісток з іхняй сціплай,
        славутай магілы.

I да сэрца кладу,
        а яно, ўсхваляванае, б’ецца,
I яно гарачэй
        і ў грудзях, быццам крэмень, здаецца.

Многа роздуму ў ім
        прад сцяною пахмурай, суровай,
I жаданне ў яго
        з камунарамі весці размову.

Камунары жывуць,
        хай загінула ў бойцы нямала,
Ды на цэлы сусвет
        у Кастрычнік іх зорка заззяла.

I расце і расце,
        і шырэй і шырэй узрастае
Камунараў сцяна непахіснае волі,
        жывая.

Камунараў сцяна,
        што сабой прыкрывае народы. 
Не зламалі яе аніякія буры,
        нягоды.

Над кагортай байцоў
        горда ленінскі сцяг развінаўся,
Хто прабіць спрабаваў —
        аб граніт той сцяны разбіваўся.

Камунары жывуць,
        і ніхто не ўзлятаў так высока.
Пэр-Ляшэз, чуеш ты
        камунараў магутныя крокі.

Чуеш — гімн іх гучыць,
        быццам гром па-над цэлым сусветам.
Камунары ідуць,
        і ўжо блізка да яснае мэты!