Камсамольцам

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Прывет вам, племя маладое,
Зямель савецкіх яснацвет!
Дарога ваша — шлях герояў,
У новы дзень бліскучы след.

Як сонца, першыя ў паходзе,
Стыхіям злым наперакор,
Ішлі вы з песняй, як разводдзе,
На штурмы скал і дзікіх гор.

Ішлі вы, юнасць-чарадзеі,
З'яднанай сілай грамады,
Перамагаючы завеі,
Дажджы, і суш, і халады.

I голас вашай песні звонкай
Лавіў прастор нябёс, зямлі,
I ціш балот, і шчыт сасонкі,
Дзе густа збіліся камлі.

Усюды, дзе патрэбна зброя,
Каб перашкоды ўсе скрышыць,
Вы неслі сэрца маладое
I жар юнацкае душы.

I было крэпка ваша раме,
I не стамлялася рука,
Бо Ленін быў заўсёды з вамі,
Быў з вамі гарт бальшавіка.

Прывет вам, войска маладое,
Загартаванае ў баях!
Дарога ваша — след герояў,
Былінны эпас, зорны шлях.

Ідзіце ж гэтак жа і далей!
Прывет вам, родныя, прывет!
Пад камсамольскай гулкай хваляй
Ці ж устаіць варожы свет?!